ПАРАДЫ ТЫМ, ХТО ХОЧА РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ
- Пазбаўцеся страхаў
Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна i модна!
- Папаўняйце свой слоўнікавы запас
Чытаючы кнігі, беларускамоўныя сайты i газеты; гледзячы агучаныя па-беларуску фільмы; слухаючы беларускамоўную музыку; усталюйце на камп'ютары праграмы з беларускім інтэрфейсам; выбірайце беларускую мову, карыстаючыся банкаматамі, інфакіёскамі i г.д.
- Пішыце па-беларуску
Kaлi вам складана пачаць размаўляць, пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Вашы знаёмыя пачнуць звыкацца да вас, беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
- Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
Псіхалагічны бар'ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы i апошні раз. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-руску.
- Наведвайце беларускія мерапрыемствы
Чуць жывую мову вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Яшчэ адзін спосаб — вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі i краязнаўцамі.
- Пачніце ўжываць мову ў побыце
Спачатку ў сям’і, потым на працы, у звыклых асяродках. Старайцеся размаўляць павольна i прыгожа, каб суразмоўцам было яшчэ прасцей зразумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
- Пазнаёмцеся з дасведчанымі носьбітамі мовы
Растлумачце ім, што толькі вучыцеся. Папрасіце выпраўляць памылкі ў вашым маўленні i лексіцы. Уважліва слухайце, як гаворыць дасведчаны чалавек. Прасіце яго тлумачыць незразумелыя словы.
Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць казкі свае і казкі іншых народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў. Але безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць усё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш усё беларускае.
САЙТЫ, ЯКІЯ ДАПАМОГУЦЬ ВАМ У ГЭТЫМ:
Беларуская палічка - беларуская электронная бібліятэка. Кнігі згрупаваны па раздзелах: Айчынныя аўтары, Драматургія, Гісторыя і палітыка, Кулінарыя, Медыцына і іншыя. Дзецям спадабаецца раздзел Дзіцячая літаратура. Таксама ёсць Газеты і часопісы, Слоўнікі і энцыклапедыі.
Мова нанова - апытанкі, тэсты, медыятэкі, афішы. Спецыяльна да дзяцей ёсць раздзел Дзеткам. Ён уключае падборку мультфільмаў на беларускай мове, вершы, коміксы, казкі, расфарбоўкі, песні.
Будзьма беларусамі – сайт для дарослых – актуаліі, меркаванні, маё права, гісторыя, літаратура, фотарэпартаж, афіша, «Будзьма» прапаноўвае.
Казкі беларускія - Прыказкі, конкурсы, сцэнарыі, загадкі, калыханкі, прыпеўкі, вершыкі і шмат іншага для беларускіх дзетак
Чытаем дзецям - На гэтым сайце Вы знойдзеце творы для чытання дзецям ад 1 года да 8 – 9 гадоў, як на беларускай, так і рускай мове. Сайт дазваляе бацькам быць у курсе патрабаванняў навучальнай праграмы дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, падбіраць літаратуру для дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзростам. Ёсць некалькі падыходаў да пошуку твора:
- Пошукпа спісе ўсіх твораў (беларускія, рускія, замежныя аўтары…)
- Пошук па спісе, рэкамендаваным навучальнай праграмай (рэкамендавана ў РФ, у РБ (па групах)).
Вы зможаце паглядзець ілюстрацыі да твораў, пазнаць прозвішча мастака, праслухаць аўдыякнігу, ці паглядзець дыястужку.
Белазар - беларускія лінгвістычныя кампутарныя праграмы: перакладчык, софт па-беларуску, кіно па-беларуску.
Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі. У казцы ёсць адпаведная ўзросту дзіцяці інфармацыя, праз казку адбываецца яго навучэнне.
На гэтым сайце вы знойдзеце народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ на беларускай мове.